САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГСКІ ВЯЛІ́КІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТРакадэмічны імя Г.А.Таўстаногава.
Адкрыты ў 1919, з 1932 імя М.Горкага, з 1964 акадэмічны, з 1992 сучасная назва. Створаны пры ўдзеле М.Горкага, М.Андрэевай і А.Блока як т-р гераічнага рэпертуару, класічнай трагедыі і высокай камедыі. Гал. рэжысёры А.Лаўрэнцьеў (1919—22 і 1923—29), К.Твярской (1929—34), В.Фёдараў (1934—36), А.Дзікі (1936—37), Б.Бабачкін (1938-40), Л.Руднік (1940—46), Н.Рашэўская (1946—49), І.Яфрэмаў (1950—52), К.Хахлоў (1922—23 і 1954—55), Таўстаногаў (1956—89); з 1989 маст. кіраўнік К.Лаўроў. Адкрыўся спектаклем «Дон Карлас» Ф.Шылера. Першапачаткова ставіліся спектаклі У.Шэкспіра, Шылера, В.Гюго, Мальера і інш., з сярэдзіны 1920-х г. таксама творы тагачаснай драматургіі, у якіх сцвярджалася рэаліст. скіраванасць: «Мяцеж» (1925), «Разлом» (1927) Б.Лаўранёва, «Клоп» (1929), «Баня» (1930) У.Маякоўскага. У 1930—40-я г.т-р ставіў творы М.Горкага («Мяшчане», «Дачнікі»), А.Чэхава («Вішнёвы сад») і інш. Спектаклям 1950—70-х г. уласцівы ўвага да сцэн. ўвасаблення вострых і напружаных жыццёвых калізій, яркая рэаліст. форма, сац.-гіст. і псіхал. абагульненні: «Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага, «Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду, «Варвары» і «Мяшчане» (Дзярж. прэмія СССР 1970) М.Горкага, «Кароль Генрых IV» Шэкспіра, «Гісторыя каня» паводле Л.Талстога. Пастаноўкі 1990-х г. вызначаліся глыбокай распрацоўкай псіхал. малюнка роляў, пошукам сучасных выразных магчымасцей у традыц. драматургіі: «Каварства і каханне» Шылера, «Макбет» Шэкспіра, «Бацька» А.Стрындберга, «Таленты і паклоннікі» А.Астроўскага і інш. У т-ры ў розныя гады працавалі і працуюць акцёры А.Абрамаў, А.Андрэеў, Г.Багачоў, А.Басілашвілі, Т.Дароніна, В.Дзягцяр, В.Іўчанка, Я.Капелян, У.Кузняцоў, Лаўроў, А.Лаўрэнцьеў, Я.Лебедзеў, П.Луспякаеў, Л.Макарава, М.Манахаў, В.Сафронаў, В.Паліцаймака, І.Смактуноўскі, У.Стржэльчык, А.Талубееў, М.Трафімаў, А.Фрэйндліх, З.Шарко, Ю.Юр’еў і інш.; рэжысёры Р.Дзіцяткоўскі, Р.Казлоў, Э.Нюганен, М.Пінігін, А.Сяроў, Т.Чхеідзе, А.Шапіра і інш.
С.У.Пешын.
Санкт-Пецярбургскі вялікі драматычны тэатр імя Г.Таўстаногава.